БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.

Падпісаны гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс. чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)